Home

Advertisement

Кветка

Дождж наліўся ў рот
Адчуваньне – нібыта я выпіла палыновага напою
Палын пранік у сэрца
І ў ім пасялілася восень
І ўспамін пра дзіўную песьню
У якой адна дзяўчына
Прайшла паўсьвету
Ў пошуках Любові
Я таксама шукала Яе
Нават у далёкіх краінах
Але калі аднойчы
Я блукала тлумнымі вулкамі незнаёмага гораду
Мяне спынілі Твае сумныя вочы
Яны глядзелі на мяне
Са сьцяны напаўразбуранай каплічкі
І я не змагла не падысьці бліжэй
Ты быў увенчаны цернямі
Я дакранулася да самага маленькага шыпа
Ён параніў мяне і з раны пырснула кроў
І моцны боль пранізаў маё сэрца
У той момант я знайшла тое, што шукала
У той момант я зразумела
Што Любові не бывае бяз Крыжа,
Што Любові не бывае бяз болю.
Мой боль… Ён такі салодкі
Я дзякую Табе за яго, Пане
Бо ён не пакідае сілаў для нянавісьці
Бо ён не пакідае часу для злосьці
Бо ён вучыць мяне адчуваць Тваю Любоў кожную хвіліну
І нават кожную сэкунду
Так, я ўжо шмат чаму навучылася…
Але я ўсё ніяк не магу запомніць вось гэтыя тры словы:
"Любоў не любімая…"
І я ня ведаю
Чаму людзі такія злыя…
Яны ізноў крычаць: “Распні яго (яе)!”
Пане, куды мне схавацца ад іхніх крыкаў?
Пане, куды мне схаваць ад іх свае сьлёзы?
А можа яны няшчасныя?
Можа яны вельмі няшчасныя, Пане?
Я прашу цябе – дай ім усё, чаго яны так прагнуць
Можаш нават забраць у мяне…
Тады я стану зусім свабоднай
Тады мне нічога не застанецца, як проста пайсьці за Табой.
Ці не найлепшая гэта Дарога, Пане?
***
Гэта проста такі палыновы дождж
Гэта проста ўспамін пра песьню
У якой адна дзяўчына прайшла паўсьвету ў пошуках Любові
Але ў сьвеце яе няма, зусім няма…
Яна ёсьць толькі ў Табе, толькі ў Табе
І толькі дзякуючы Ёй я ‘шчэ здольная ўсьміхацца…

Tags:

Кветка

Пан Эдзік стаіць, абапіраючыся на кіёчак, ля касьцёла, ветліва ўсьміхаецца вернікам, якія ходзяць туды сюды, і са шчасьлівым выразам твару просіць у іх міласьціну. Пан Эдзік – праваслаўны, але манеры ў яго цалкам “каталіцкія”. Ён цалуе ручкі паням, якія даюць яму грошы, абяцае за іх маліцца, і нават умее сказаць тое-сёе па польску. На выгляд яму гадоў мо’ за 35, але трэба будзе як-небудзь запытацца пра ўзрост у яго самога, бо я магу памыляцца. Чаму пан Эдзік жабруе, я так толкам і не зразумела. І наўрад ці гэта дадзена каму-небудзь зразумець, акрамя Пана Бога. Пан Эдзік – музыкант, пра гэта ён сам мне паведаміў, а да таго ж яшчэ, напэўна, добры актор.

Я хачу ўвайсьці ў касьцёл, бо імша пачнецца праз 5 хвілінаў. Але ж папярэдняя імша толькі што скончылася, і агромісты паток людзей паціху выплывае з касьцёла на плошчу. Каб нікому не замінаць, я станаўлюся побач з Эдзікам і, усьміхаючыся, пытаюся ў яго:
- А можна, я буду прасіць міласьціну разам з Вамі? :)
Эдзік:
- Ды калі ласка! І мне будзе весялей! :) Я Вам зараз распавяду, што да чаго. Галоўнае – не саромецца. Мне спачатку таксама вельмі няёмка было. А потым я прывык. Я ж тут ня толькі дзеля таго стаю, каб мне грошы давалі. Мне ж і зь людзьмі пагаварыць таксама бывае вельмі цікава і прыемна…

Людзкі паток неўзабаве спыняецца, а праз хвіліну пачынае рухацца ў супрацьлеглым напрамку. Я разьвітваюся з панам Эдзікам. Кажу, што падумаю над ягонай прапановай, і іду на імшу.

А ўначы мне сьніцца сон, нібыта стаю я ля касьцёла з працягнутай рукой, а людзі падыходзяць да мяне моўчкі, і кідаюць на маю далонь адны толькі савецкія капейкі…

***
Зруйнаваўшы звыклыя асновы сьвецкага жыцьця, сьвяты Францішак калісьці паказаў сваім братам, што прасіць нашмат лепей, чым даваць. Бо такім чынам мы даем іншым людзям магчымасьць зрабіць добрую справу. Таму для яго не было прыніжэньнем працягваць руку, кажучы:
- Брат, дапамажы мне.

Туман

  • Nov. 23rd, 2009 at 3:42 PM
Мастацтва

У нас тут з раніцы быў туман. Густы… Ён усё паглядаў у мой пакой і вельмі прасіў, каб я хоць крышачку прыадчыніла вакно і ўпусьціла яго пагрэцца. Я зжалілася над ім і прыадчыніла нават не вакно, а бальконныя дзьверы. Цяпер на вуліцы туману амаль няма - ён увесь у маёй хаце. І ад яго неўзабаве пачнуць расьці грыбы…Напэўна, прама на мэблі… :)

Пакліканыя быць разам

  • Nov. 23rd, 2009 at 1:24 PM
Матылёк

Паўдзельнічала я ў суботу у сустрэчы прадстаўнікоў менскіх каталіцкіх рухаў і супольнасьцяў, якая праходзіла на Кальварыі ў касьцёле Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Вельмі парадавала колькасьць і ініцыятыўнасьць прысутных маладых каталікоў. Асабліва ўразілі сьведчаньні і гісторыі пра ўзаемадачыненьні з Панам Богам, якія я пачула ў нашай працоўнай групе.

Запомніўся таксама аповед маладой каталічкі зь Львова пра тое, як яна прыйшла да Бога. Сям’я дзяўчыны была няверуючай, бацька моцна піў – ад чаго і памёр у даволі маладым узросьце. У дзяўчыны зусім не было сяброў, і ў яе пачалі ўзьнікаць думкі: “А дзеля чаго я жыву на гэтым сьвеце?” Адказ на сваё пытаньне яна знайшла ў касьцёле. Неўзабаве навярнуліся і яе родныя. Цяпер дзяўчына разам зь іншымі ўкраінскімі каталікамі нясе вельмі цяжкае і адказнае, але і вельмі патрэбнае хрысьціянскае служэньне – эвангелізуе вязьняў у турмах – нават строгага рэжыму. Уявіце сабе, наколькі цяжка знайсьці тыя словы, якія здольныя закрануць сэрца чалавека, асуджанага на пажыцьцёвае заключэньне… Але Пан Бог заўсёды дапамагае тым, чыімі ўчынкамі кіруе сапраўдная Любоў…

А ў працоўнай групе адна дзяўчына распавяла даволі сумную гісторыю пра свае духоўныя праблемы і пра непаразуменьні з бацькамі. У яе сям’і каталічка – адна яна. Усе астатнія – не практыкуючыя праваслаўныя хрысьціяне. Бацькі вельмі не задаволены тым, што дзяўчына шмат часу прысьвячае касьцёлу. Яны чыняць ёй усялякія перашкоды, знаходзяць для яе якую-небудзь працу – якраз у той час, калі трэба зьбірацца на Імшу, і бывае, што даводзяць яе такімі дзеяньнямі да роспачы і адчаю. Таму апошнім часам дзяўчына пачала ўсё часьцей задаваць сама сабе пытаньні: ”А ці любіць мяне Бог? І ці ня лепей будзе, калі я пакіну касьцёл і буду жыць так, як вымагаюць ад мяне мае родныя?”. Кожны з удзельнікаў групы падтрымаў дзяўчыну, распавядаючы пра свае мэтады вырашэньня духоўных праблемаў, і кожны памаліўся, каб Пан Бог умацаваў яе веру і зьмякчыў сэрцы яе бацькоў.

А напрыканцы сустрэчы, пасьля імшы, адбылася супольная малітва. Вернікі разам з а. Андрэем Дзедзічам, а. Юрыем Находкай і а.Аляксандрам Фаміных праслаўлялі Пана Бога сьпевамі пад гітару, скрыпку і іншыя, нават экзатычныя, музычныя інструмэнты. На сэрцы было сьветла і радасна. І Пан Бог радаваўся разам з намі… :)

Матылёк

На каталіцкай канфэрэнцыі, прысьвечанай эвангелізацыі, кіраўніца нашай працоўнай групы спытала, у каго з нас ёсьць пастаянны духоўнік. Руку падняла толькі адна сястра-законьніца. А нас было чалавек дваццаць. Пастаяннага духоўніка ня так то лёгка знайсьці. У мяне яго таксама няма, але варта хаця б паспрабаваць гэта зрабіць.

Месяцы два таму я спавядалася ў аднаго маладога ксяндза-манаха. Звычайна споведзь даецца мне вельмі, вельмі цяжка. Падыходзячы да канфэсыяналу, я пачынаю трэсьціся, нібыта асінавы лісток, у галаве ўсё пераблытваецца ад страху і сораму, я ледзьве стрымліваю сьлёзы, і ў гэты час я нават магу забыцца, як мяне завуць. А ў той раз мяне агарнуў нейкі дзіўны супакой, і калі сьвятар пачаў задаваць пытаньні, я насамрэч адчула, зразумела, ўсьвядоміла, што ў канфэсыянале знаходзіцца не ксёндз, але сам Пан Езус. Сэрца перапоўнілася ўсёдаравальнай любоўю, зьнік страх, і было такое адчуваньне, што перада мною адчыніліся ўсе дзьверы, рухнулі ўсе сьцены, зьляцелі ўсе замкі і пячаці, раскрыліся ўсе таямніцы Неба і Зямлі, усе да адной, і ўсе людзі зрабіліся такімі блізкімі… І Біблія стала цалкам зразумелай, уся – да апошняй літары… І зьнік грэх… І сьмерці ўжо не было… І цела зрабілася іншым… А дыхаць стала лёгка-лёгка-лёгка – бо Бог быў паўсюль, і я дыхала Ім…

То быў чарговы знак… То была сапраўдная споведзь… То быў Рай на Зямлі…

Можа, то быў менавіта “мой” духоўнік?.. :)

***
На католической конференции, посвящённой евангелизации, руководитель нашей рабочей группы спросила, у кого из нас есть постоянный духовник. Руку подняла только одна сестра-монашка. А нас было человек двадцать. Постоянного духовника не так то легко найти. У меня его тоже нет, но стоит хотя бы попытаться это сделать.

Месяца два назад я исповедовалась у одного молодого ксендза-монаха. Обычно исповедь даётся мне очень, очень тяжело. Подходя к конфессионалу, я начинаю дрожать, как осиновый листик, в голове всё путается от страха и стыда, я едва сдерживаю слёзы, и в это время я даже могу забыть, как меня зовут. Но в тот раз меня охватил какой-то необыкновенный покой, и когда священник начал задавать мне вопросы, я действительно почувствовала, поняла, осознала, что в конфессионале находится не ксёндз, но Сам Господь Исус. Сердце переполнилось всепрощающей любовью, исчез страх, и было такое чувство, что передо мной распахнулись все двери, рухнули все стены, слетели все замки и печати, раскрылись все тайны Неба и Земли, все до одной, и все люди стали такими близкими... И Библия стала полностью понятной, вся - до последней буквы... И грех исчез... И смерти уже не было... И тело сделалось другим... И дышать стало легко-легко-легко - потому что Бог был везде, и я дышала Им...

Это был очередной знак... Эта была настоящая исповедь... Это был Рай на Земле...

Возможно, это был именно "мой" духовник?.. :)

W ciemności...

  • Nov. 22nd, 2009 at 2:46 AM
Мастацтва

W ciemności idziemy...
w
ciemności...

do źródła Twojego życia...
tylko
pragnienie jest światłem...
tylko
pragnienie jest światłem
...

Ксёндз і злодзей

  • Nov. 20th, 2009 at 2:58 PM
Кветка

Ксёндз распавядае сваім прыхаджанам:

- Аднойчы, калі я працаваў у ............., адзін злодзей вырашыў абакрасьці касьцёл. Ён скраў шмат грошай, якія належалі парафіянам, але, дзякуй Богу, я своечасова гэта заўважыў, пагнаўся за ім, дагнаў, папрасіў, каб ён усё вярнуў, але ж ён і слухаць мяне не схацеў… Ну і пачалася бойка… Ой, гэта было штосьці страшнае… А сёстры-законьніцы прыбеглі і так маліліся, так маліліся… І нават плакалі…
Прыхаджане:
- Сёстры, напэўна, спалохаліся за Вас і прасілі Бога, каб Ён ня даў гэтаму злодзею Вас пакалечыць?
Ксёндз:
- Не, яны спалохаліся за злодзея. І маліліся, каб я яго не забіў… :)

Tags:

За тых, хто...

  • Nov. 20th, 2009 at 2:27 PM
Кветка
Учора схадзіла ў касьцёл, замовіла дзьве Сьвятыя Імшы. Адну - за сябе, другую - за тых, хто мяне ненавідзіць. Потым прагулялася пад дажджом гадзіны зь дзьве, каб спачатку "прыйсьці ў сябе", а ўжо потым вяртацца дадому. Дома паслухала ваяўніча-каталіцкія харвацкія сьпевы і, здаецца, супакоілася...
Імша "за тых хто" адбудзецца ў аўторак а 19-00 :)
Матылёк

Я ізноў “прысябрыла” ГЛ-аў. Абодвух. Не хачу варагаваць. Ні з кім. Сьвяты Францішак умеў знаходзіць агульную мову і з разбойнікамі, і з ваўкамі. Ягоныя любоў і вера ператварылі закаранелых злачынцаў у адданых Богу манахаў, а драпежнага ваўка – ў найлепшага сябра маленькіх дзетак… А тут жа звычайныя людзі… Няхай сабе і ГЛ-ы… Не, сама б я на такі ўчынак была б ня здольная… Але, тое што немагчыма для людзей – магчыма для Бога.

Дзякуй за малітвы, брат Яраслаў :)

***
Сьвяты Францішак па-сапраўднаму раззлаваўся, напэўна, толькі адзін раз у жыцьці – калі ў хацінку, дзе ён маліўся ў самоце пад час дажджу, уваліўся нахабны італьянскі селянін разам са сваім ня менш нахабным аслом і ўпэўнена заявіў: “Ну вось, жывёліна, нарэшце я знайшоў месца, дзе нам з табой будзе добра!” Францішак тады пакінуў асла разам зь ягоным гаспадаром у сваёй хацінцы, а сам пайшоў маліцца ў лес. Але ж у Беларусі, дзякуй Богу, аслоў зусім мала. Дык чаго турбавацца?.. :)

Матылёк

Як жа часта мы працівімся волі Божай, імкнучыся рабіць па-свойму! Але ж толькі адзін Бог ведае, што патрэбна для нашага выратаваньня. Так было і са мною.

Доўга і настойліва Бог клікаў мяне ў Легіён Марыі, але я супраціўляўся яго волі і гаварыў: “Пане, Ты бачыш, які я ўпарты, але прашу Цябе: не пакідай мяне без сваёй апекі і ласкі. Я пакуль што не гатовы адгукнуцца на Тваё пакліканьне, але Ты ўсё роўна кліч мяне…” У сваім сэрцы я даваў Богу абяцаньне, што ў наступным годзе абавязкова прысьвячу сябе Легіёну Марыі, аднак словаў сваіх ня стрымліваў. Былі такія моманты, калі Божае пакліканьне я адчуваў настолькі моцна, што ўсё ўнутры пераварочвалася і немагчыма было стрымаць сьлёз. Але я паўтараў: “Пане, будзь літасьцівы, не забірай свайго пакліканьня, пачакай яшчэ”.

І толькі праз тры гады згадзіўся я з воляй Божай і прыйшоў у Легіён Марыі. Якая ж радасьць і сьвятло агарнулі тады маю душу! Супольнасьць гэтая моцная ў першую чаргу тым, што там жыве дух Божай Маці, Якую мы ўсе вельмі моцна любім. Яе ласкі бясконца шчодрыя, і Яна прагне, каб мы прыходзілі па іх, а потым дзяліліся зь іншымі. Кожны легіянэр абавязаны як мінімум дзьве гадзіны на тыдзень прысьвяціць апостальскай працы. Пры сустрэчах зь людзьмі часьцей за ўсё я чую пытаньне: “Адкуль Вы ўсё гэта ведаеце?” Адказваю словамі з Эвангельля:”Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам”.(Ян 14:26)

Большасьць людзей адкрытыя і на наш прыход да іх, і на тое, што мы ім гаворым. Стараемся падчас сустрэчаў памятаць пра тое, што легіянэр найперш павінен умець слухаць, бо вельмі часта людзі маюць патрэбу менавіта ў тым, каб іх проста выслухалі. Яны дзеляцца з намі ня толькі сваімі перажываньнямі і праблемамі, але таксама і радасьцямі.

Памятаю размову зь дзяўчынай, у якой, калі яна пачула пра Пана Езуса, вочы засьвяціліся вялікай радасьцю. Яна распавяла мне, што аднойчы ўбачыла ў сьне Багародзіцу, і Тая параіла ёй узяць асадку і пісаць вершы. А раніцай дзяўчына прачнулася сапраўднай паэткаю. Цяпер яна піша прыгожыя вершы, у якіх праслаўляе Езуса Хрыста.

Мы гаворым людзям пра Сакраманты, і асабліва – пра важнасьць сьвятой споведзі. Але ня кожны чалавек здольны адразу гэтую важнасьць усьвядоміць. Бывае, што над адной душой прыходзіцца вельмі доўга працаваць. З адным спадаром легіянэры праводзілі такую працу на працягу паўгода. Для нас было вялікай радасьцю, калі мужчына, нарэшце, паспавядаўся. Але яшчэ больш радаваўся гэтаму ён сам і быў нам вельмі ўдзячны за нашу неабыякавасьць.

Апостальская праца для нас - вельмі важная справа, але галоўная мэта Легіёна Марыі – духоўнае ўдасканальваньне саміх легіянэраў. Структура супольнасьці і ўмовы яе дзейнасьці якраз і даюць такую магчымасьць, бо Легіён знаходзіцца пад асаблівай апекай Маці Божай. Я вельмі ўдзячны Пану Богу і Найсьвяцейшай Паньне Марыі за сваё пакліканьне.

Па матывах артыкула, надрукаванага ў газэце "Голас Душы".
На фотаздымку - легіянэры брат Генадзь Страмкоўскі і сястра Ганна Федзюк.
Матылёк
Шаноўнае панства і спадарства,

Тут вось Галоўны Літвін РБ пан Алесь Белы ў сваім допісе Как-то всё реже хочется пользоваться белорусским, без пільнай патрэбы
у камэнтарох напісаў:

нікому не здраджваю.
я не стаў прыхільнікам ані Сталіна ані Гітлера, я па-ранейшаму, скрозь роспач, пішу сваю нікому не патрэбную жыдапанскую (далей ідзе слова, якому я не магу дазволіць знаходзіцца ў маім ЖЖ), хаджу ў касцёл. Адно што зразумеў, што Лукашэнка дэ-факта бароніць мяне ад куртаў, эмерык, марыек, венцугоў і іншых агрэсіўных неадэкватаў, як некалі Сталін абараніў сем'і маіх продкаў ад Гітлера."

Дык вось, хто такія венцугі і марыйкі - я, на жаль, ня ведаю. Курта Беларуса ведаю па ЖЖ. Гэта вельмі разумны, разважлівы і прыемны малады чалавек. А Эмерыка - гэта я. Дык няўжо ж са мной усё так дрэнна? І ў чым гатая мая агрэсіўнасьць і неадэкватнасьць праяўляецца? Задаю такое пытаньне вам, шаноўныя ЖЖ-сябры, бо самому пану Галоўнаму Літвіну я, на жаль, задаць яго не магу - бо ня маю права пакідаць камэнтары ў ягоным ЖЖ.

Зь вялікай удзячнасьцю прыму ўсялякую канструктыўную крытыку.
Матылёк
Частка 1.









13-15 чэрвеня прадстаўнікі БХД пабывалі на экскурсіі ў Вільні. За саветамі ў гэты старажытны беларускі горад можна было даехаць на цягніку зь Менску прыблізна за тры гадзіны “з хвосьцікам”. Цяпер тая ж самая дарога займае больш за чатыры з паловай гадзіны, бо шмат часу адбірае праверка пашпартоў, дагляд рэчаў, і “допыт” пасажыраў. Так-так, сапраўдны допыт. Бо, напрыклад, у мяне і тых, хто сядзеў побач, літоўскі мытнік (ці памежнік) дапытваўся пра мэту вандроўкі. І калі пачуў, што мы едзем на экскурсію ў Вільню, каб паглыбіць свае веды па гісторыі і архітэктуры Літвы, весела ўсьміхнуўся і ўпэўнена сказаў:

-Ну, літоўская гісторыя налічвае ня больш за 100 гадоў, а да гэтага…

Але мы не далі памежніку дагаварыць і ў адзін голас прамовілі:

- А да гэтага там была беларуская гісторыя…

Памежнік ня стаў нам пярэчыць, бо як потым высьветлілася, ў ягоным раду былі і літоўцы, і палякі, і беларусы. Ды й увогуле, яго больш цікавілі не гісторыя, і нават не архітэктура (і нават не праверка пашпартоў), а прыгожыя маладыя дзяўчаты любой нацыянальнасьці, якімі ён неўзабаве і заняўся…

А на віленскім вакзале да нас адразу ж “прыляпіўся” расейскамоўны бомж (я падазраю, што літоўскамоўных бамжоў увогуле не існуе) і пачаў нам распавядаць пра сваю бязьмежную любоў да вельмішаноўнага А.Р.Лукашэнкі. І ён ніяк ня мог зразумець, чаму мы не падзяляем ягоныя “сьветлыя” пачуцьці да нашага дарагога А.Р.Л…

Аказалася, што ў Вільні збольшага разумеюць беларускую мову, і калі вы запытаецеся пра нешта па-беларуску, то можаце нават пачуць адказ на трасянцы. А старэйшае пакаленьне і тыя, хто працуе ў сфэры абслугоўваньня, добра размаўляюць па-расейску. Ну а маладыя людзі, пачуўшы беларускую ці расейскую, кажуць, што яны «ничего не понимают»…

На віленскіх вуліцах можна сустрэць шмат польскіх і італьянскіх турыстаў. Таксама можна пачуць нямецкую і францускую мову і нават убачыць вось такіх прыгожых франкамоўных спадароў як на 4-м здымку зьнізу…

Абедалі мы ў рэстарацыі з нацыянальнай літоўскай кухняй. Халаднік, які я замовіла, быў даволі смачны.

Але ўсё астатняе, што я там зьела, мяне чамусьці ня ўразіла. А вось хлеб і сыр, якія я прывезла зь Вільні, аказаліся ну проста чароўнымі...

А яшчэ ў нас была сустрэча зь Сержуком Вітушкам, зь літоўскімі хрысьціянскімі дэмакратамі і зь літоўскімі хрысьціянамі-пратэстантамі, якія запрасілі нас на начлег.

Калі я вярталася ў Менск, то літоўскі памежнік, які ставіў штамп у маім пашпарце, пачаў дапытвацца, калі і а каторай гадзіне я прыехала ў Вільню, а яшчэ ён чамусьці “загадаў” мне не ўсьміхацца і ўвогуле быў вельмі суровым. Затое наш беларускі мытнік, калі даглядаў рэчы ў маладых людзей, якія езьдзіла ў Вільню спэцыяльна за пакупкамі, спачатку пра ўсё ў іх распытваў, а потым махнуў рукой і сказаў прыблізна так:

- Ды на халеру мне ўсё гэта патрэбна?.. Вязіце вы што хочаце і куды хочаце…

***
А я вось сяджу цяпер за кампутарам і мару аб наступнай паездцы ў Вільню… І хачу сказаць “вялікі дзякуй” Аляксею Фралову за цудоўную экскурсію, а таксама Леры за тое, што яна мяне туды “выцягнула” , і ўсім астатнім – за добрую кампанію…

***
На двух апошніх здымках - мы і наш экскурсавод Аляксей. На 2-м здымку зьверху - дамок, у жыхароў якога мне вельмі хацелася б пабываць у гасьцёх. На 4-м здымку зьверху - Вострая Брама, на 5-м - Вежа Гедыміна (цяпер гэта званіца) ля Катэдры.

Частка 2.









На 1-м фотаздымку зьнізу - камэра, ў якой адбываў пакараньне Адам Міцкевіч, на 3-м - віленскія таксі :)

На 2-м - літоўскамяўны руды кот, у сувязі зь якім мне ўспомніўся вясёлы анэкдот (але не пра ката, а пра літоўскага сабаку:)

Пачатак дзевяностых гадоў. Літоўскі спадар выходзіць на ганак і кліча свайго сабаку:

-Ша-а-а-рык!.. Ша-а-а-рык!..
-У адказ маўчаньне...
-Шарык!.. Шарык!..
-Маўчаньне...
Раптам да літоўца даходзіць, што ягоны сабака таксама літовец, а не які-небудзь маскаль, і ён ізноў пачынае яго клікаць:
- Шарыкас!.. Шарыкас!..
Сабака радасна ў адказ:
- Гавс-гавс... гавс-гавс... :)

На 7-м здымку - брат Віктар выступае ў пратэстанцкай царкве. На 4-м - Вежа Гедыміна. На 5-м - Кафедральны касьцёл.
























Частка 3.



















Жыцьцядайны крыж

  • Nov. 15th, 2009 at 1:54 AM
Матылёк

Позьневосеньскае

  • Nov. 14th, 2009 at 10:36 PM


Позьняя восень не надта раскашуе яркімі фарбамі, яе галоўная тэма - сутоньне апалай, пажоўклай лістоты ў рамке з непраглядных туманоў і счарнелага гальля дрэваў. Але бываюць і выключэньні з правіла... Крыж ляжаў, як жывы чалавек, што зьнерухомеў у сваёй нячутнай, але шчырай малітве...

Tags:

Кветка

Учора я даволі доўга была на вуліцы. Прыйшла дадому, запаліла пліту, папіла гарбаты, і тут як пачаў у мяне твар гарэць… Як пачало мене трэсьці ад холаду (ну і ад страху крыху:)… Ну ўсё, думаю, гэта дакладна грып… Але, дзякуй Богу, пакуль што аказалася, што гэта проста твар абветрыўся і я крыху пераахаладзілася…

А ноччу мне прысьнілася, што мы разам зь Сяргеем Харэўскім, Уладзімірам Васьковым, Куртам Беларусам і іншымі ЖЖ-сябрамі плывем у вялікім чоўне па нейкім халодным паўночным моры. А на карме чоўна сядзіць ды пасьміхаецца агромістая сьвіньня пяшчотна-ружовага колеру. І вось падплываем мы да нейкай змрочнай, зарослай густым ельнікам, выспы, і хочам прычаліць да берага. Але раптам з-за елак паказваецца цэлае племя падобных да індзейцаў туземцаў, і іхні важак пачынае голасна крычэць: “Са сьвіньнёй на востраў высаджвацца нельга! Сьвіньням знаходжаньне на востраве строга забаронена!” Усе ЖЖ-сябры ў разгубленасьці. Ніхто ня ведае, што ж рабіць з жывёлінай. І тут устае Уладзімір Васькоў і кажа: “Трэба тэрмінова ўтапіць сьвіньню ў моры!” Абурыўшыся да глыбіні душы такім бязьлітасным стаўленьнем ЖЖ-сябра да жывёліны, і хочучы абараніць сьвіньню ад немінучай пагібелі, я ўскокваю са свайго месца і … прачынаюся…

Вось да чаго могуць давесьці чалавека думкі аб сьвіным грыпе…


А вось рэцэпт дзеля прафіляктыкі і лячэньня грыпу ад аднаго нашага ксяндза:

1. Устаць з ложка (галоўнае, каб не занадта рана :)
2. Памаліцца.
3. Добра вымыць сябе самога і сваю хату.
4. Зьесьці кавалак якаснага мяса альбо рыбы і яшчэ чаго-небудзь такога ж якаснага, але ні ў якім разе не запіхваць у сябе рондаль бульбы разам з боханам хлеба :)
5.Прыйсьці ў касьцёл на Імшу.
6.Вярнуцца з касьцёла дахахаты, памаліцца, легчы... і… спаць...спаць…спаць…

Няхай жа ўсе мы будзем здаровымі, шчасьлівымі і радаснымі. Ну а галоўнае – няхай кожны з нас адчувае, што Пан Бог апякуецца кожнаю хвілінаю нашага жыцьця і жадае нам толькі дабра і міру :)
Амэн.

Tags:

Матылёк

"...Сьвятасьць у марах чалавека пра сьвяты сьвет уяўляецца як недатыкальнасьць для грэху і для зла, уяўляецца не зьмяшанай зь імі. І тады заўсёды так ці інакш застаецца чорна-белае мысьленьне, што няўмольна аддзяляе і адкідае любыя формы нэгатыўнага. У сёньняшняй крытыцы грамадзтва і ў акцыях, празь якія яна разраджаецца, гэтая няўмольная схільнасьць, заўсёды ўласьцівая чалавечым ідэалам, зноў становіцца занадта відавочнай.

Таму абуральным у сьвятасьці Хрыста ўжо для Яго сучасьнікаў быў той факт, што ў ёй абсалютна адсутнічала караючая рыса, - ані агонь не спальваў вартых асуджэньня, ані заўзятым змагарам не дазвалялася вырываць пустазельле, што, як яны бачылі, буйна разрасталася. Наадварот, гэтая сьвятасьць праяўлялася якраз як збліжэньне з грэшнікамі, якіх Езус прыцягваў да сябе. Як збліжэньне ажно да таго, што Ён сам быў залічаны да грэшнікаў і зносіў пракляцьце закону ў сьмяротнай кары – гэтай абсалютнай еднасьці лёсу з адкінутымі.

Узяўшы на сябе грахі, зрабіўшы гэта сваёй доляй, Ён паказаў такім чынам, што такое сапраўдная сьвятасьць: не адасабленьне, а яднаньне; не прысуд, а збаўчая любоў. Ці не з’яўляецца Касьцёл, сапраўды, не чым іншым, як працягам гэтага Божага сыходжаньня ў чалавечае ўбоства; ці не з’яўляецца ён, сапраўды, не чым іншым, як працягам трапезы Езуса з грэшнікамі, Яго збліжэньня з убоствам і грахом, так што Ён, здаецца, проста-такі гіне ў іх?

Ці не аб’яўляецца ў гэтай несьвятой сьвятасьці Касьцёла, насуперак чалавечаму чаканьню чысьціні, сапраўдная сьвятасьць Бога, якая ёсьць любоўю, - любоўю, што не трымаецца на прыстойнай дыстанцыі недатыкальнай чысьціні, а зьмешваецца з брудам сьвету, каб такім чынам пераадолець яго? І адсюль – ці можа сьвятасьць Касьцёла быць нечым іншым, як нясеньнем цяжару адно аднаго, якое для ўсіх зьяўляецца вынікам таго, што цяжар усіх нясе Хрыстос?

Калі хочаш даведацца, чым на самай справе ёсьць Касьцёл, трэба ісьці да тых, хто сапраўды верыць. Таму што Касьцёл не там, дзе арганізуюць, рэфармуюць, кіруюць, але ён найперш у тых, хто проста верыць і прымае ў Касьцёле дар веры. Ён у тых, для каго вера становіцца жыцьцём."

Жыве Беларуся!

  • Nov. 13th, 2009 at 10:14 AM
Матылёк
Прыгожы верш, напісаны [info]nicolaev (Войша Мілавід)

Чырвань радкоў –
‘бы кроў.
Белы аркуш –
‘бы сьнег.
Наш чалавек –
гярой.
Слава яму –
навек.

Нябёсы –
блакіт-сінеча.
Штандар –
бел-чырвона-белы.
Жыві, Беларуся, –
вечна!
Жыве Беларуся –
веру!

Міласэрнасьць

  • Nov. 13th, 2009 at 1:07 AM
Матылёк
Святы Марк Евангеліст запісаў, між іншым, такія словы Пана Езуса: «Я прыйшоў паклікаць не справядлівых, але грэшнікаў» (Мк 2, 17). Рэхам гэтых словаў з’яўляюцца словы Хрыста, скіраваныя да сястры Фаустыны: «Напішы, што ў адносінах да грэшнікаў Я больш шчодры, чым ў адносінах да справядлівых. Дзеля грэшнікаў я праліў Кроў, няхай жа яны не баяцца наблізіцца да Мяне, бо ім найбольш патрэбна Мая Міласэрнасць» («Дзённік», 1275).

Калі мы прызнаёмся ў сваёй духоўнай беднасці, у тым, што з’яўляемся грэшнікамі, — гэта як бы прызывае Божую Міласэрнасць і адкрывае на яе. Бог не любіць граху, але любіць грэшніка і жадае яго выратавання. Усведамленне таго, што Езус любіць нас, нягледзячы на нашую нікчэмнасць, нараджае давер.

«Хрыстус навучыў нас, што чалавек не толькі зведвае і атрымлівае міласэрнасць самога Бога, але ён пакліканы таксама да таго, каб самому праяўляць міласэрнасць у адносінах да іншых: „Благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5, 7). (...) Нялёгка любіць глыбокай любоўю, якая заключаецца ў праўдзівым прынясенні сябе ў дар. Гэтай любові можна навучыцца толькі паглыбляючыся ў таямніцу любові Бога. Углядаючыся ў Яго, яднаючыся з Яго айцоўскім Сэрцам, мы становімся здольнымі глядзець на братоў новымі вачыма, у паставе бескарыслівасці і салідарнасці, шчодрасці і прабачэння. Гэта ўсё і ёсць міласэрнасць!»

(Вытрымкі з часопіса "Ave Maria")

Кветка

О-ё-ёй… Знаёмая каталічка даслала SMS-ку:

У Аўганістане ісламісты зьбіраюцца пакараць сьмерцю 22 хрысьціянскія місіянэрскія сям’і. Распаўсюдзь гэтае паведамленьне як мага хутчэй, каб як мага больш малітваў было ўзьнесена да Пана Бога.  

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зьмілуйся над імі, і над усім сьветам!
О Кроў і Вада, якая выплыла з сэрца Езуса, як крыніца Міласэрнасьці для нас — давяраем Табе! Езу, давяраем Табе!
Божа, ня дай зьдзейсьніцца злачынству...
Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрным да іх і да ўсяго сьвету...
Сьвятая Панна Марыя, маліся за іх...

Profile

Кветка
[info]emieryka
Агнешка - франьцішканка
Агнешка - франьцішканка

Latest Month

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com
Designed by [info]chasethestars